|
11 верасня 2011 года адбылася прэзентацыя майго паэтычнага зборніка “ШЛЯХ ДА ВЯРТАННЯ”. Зборнік выйшаў у красавіку гэтага года ў Менску, але амаль што паўгода заняло, каб пераслаць дастаткова кніг і правесці паэтычную вечарыну. Паэтычная вечарына... Не вельмі часта такое бывае... Прыйшло каля сарака чалавек. Размясціліся на двары нашай хаты – блага надвор’е было не па-восеньску сонечным і спякотным. Вершы чытаў больш за гадзіну. Нават, напрыканцы пачаў прапускаць тыя, якія запланаваў прачытаць. Музыканты дуэта “Кантабіле” ігралі беларускія мелодыі, зачароўваючы слухачоў і дазваляючы мне крыху адпачыць. Паэзія і музыка гарманічна перапляталіся ў гэты празрысты, цёплы вечар.
 Чытаць было лёгка. Публіка ўспрымала вершы вельмі пазітыўна.
Усе мы далёка ад Беларусі. Але бываюць моманты, калі кожны марыць пабываць у родных мясцінах, прайсці па менскіх ці іншых родных вуліцах, з’ездзіць на веску, ў дзедаву хату, паехаць на Вячу, або на Бярэзіну. Колькі такіх месцаў? У кожнага яны свае. Адчулася, што ў гэты вечар, была магчымасць гэта зрабіць – перанесціся ў Беларусь. Бо паэзія мае магчымасць пашырыць фізічную прастору, расцягнуць і павярнуць час, зрабіць тое, што не магчыма ў свеце фізічным. Было шмат цёплых і прыемных слоў. Я ўдзячны ўсім, хто прыйшоў і падтрымаў беларускую паэзію, падтрымаў выхад маёй кніжкі. “ШЛЯХ ДА ВЯРТАННЯ” -- гэта вяртанне да Бога, да сваіх беларускіх каранёў, вяртанне да мовы, да таго, што мы страчваем і на што парой не звяртаем увагі. Без гэтага не магчыма пабудаваць добрае і годнае жыццё. Беларусы стануць на гэты шлях, рана ці позна. Я знайшоў гэты шлях і вельмі гэтым цешуся. Падпісваючы кніжкі, удзячна жадаў усім шчаслівага, светлага і шчырага адчування жыцця, -- бо добрае ратуе і перамагае. Потым была доўгая бяседа. Людзі размаўлялі, знаёміліся, усміхаліся адзін аднаму. Ігар Захараў, падыйшоў да мяне і сказаў, што сёння ён пабываў на Радзіме, нават нікуды не ад’язджаючы. Веру, што ўсе мы былі ў Беларусі ў гэты дзень, і паэзія – добры і рэальны шлях, каб гэта зрабіць. Рыгор Барадулін калісці напісаў, што “трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем...
* * *
Цёплы вечар абудзіцца, супакоіць туманам — усё добрае збудзецца, тое ўсё, пра што марым. Подых восені журыцца там, дзе дрэў сілуэты… Усё добрае збудзецца, незалежна ад мэты. Чырвань клёнаў астудзіцца, птушкі ўдаль адлятаюць — усё добрае збудзецца, не састарыцца памяць. Па-за клёнамі вуліца мне напомніць аб нечым… Усё добрае збудзецца, будзе шчырым і вечным. Хай душа не разгубіцца, цішыню не мінае, усё добрае збудзецца, дзесьці станецца намі. 
( Read more... ) |